МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.

Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т.л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т.л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.

П.І.Лабанок.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)